Калейдаскоп зімовых відаў спорту

02.02.2017

У суботу, 28 студзеня, у Дзяржаўнай установе адукацыі “Селішчанская сярэдняя школа” адбыўся шэраг мерапрыемстваў.

Вучні 7 – 9 класаў прынялі ўдзел у турніры знатакоў “Хочам усё ведаць”, арганізаваным класным кіраўніком 9 класа Н.Р.Халько. Рабяты праверылі свае веды ў розных галінах жыцця, такіх, як спорт, навука, мастацтва і г.д., а таксама даведаліся пра вельмі цікавыя факты, адкрылі шмат новага для сябе.

Класны кіраўнік 6 класа А.А.Андрон арганізавала з вучнямі працоўны дэсант “Наш утульны клас”, у ходзе якога вучні правялі генеральную ўборку кабінета англійскай мовы.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры А.А.Кабак разам з вучнямі 11 класа правялі падрыхтоўку да прадметнага тыдня беларускай мовы “Жыві, мая родная мова”.

Вучні 5 – 9 класаў паўдзельнічалі ў калейдаскопе зімовых відаў спорту. Разам з класным кіраўніком 8 класа В.А.Лемешам дзеці прайшлі на лыжах, каталіся на каньках, ну а самыя нястомныя вучні пасля гэтага яшчэ і штурмавалі снегавую горку. Дзеці бавілі свой час на свежым паветры, з карысцю для здароўя і падтрымання фізічнай формы.   

Маленькія жыхары школьнай краіны, вучні 2 – 5 класаў, правялі суботні дзень у атмасферы вясёлага і актыўнага адпачынку разам з класным кіраўніком 4 класа А.У.Пайбердзінай, якая правяла для іх вясёлыя жартоўныя эстафеты “Ні дня без усмешкі”.

Таксама вучні школы прынялі ўдзел у некалькіх раённых мерапрыемствах. Класны кіраўнік 2 класа В.М.Корбут разам са сваімі выхаванцамі прынялі ўдзел у раённым конкурсе даследчых работ сярод навучэнцаў пачатковых класаў. А настаўнік фізічнай культуры У.А.Кулакоўскі разам з вучнямі 9 – 11 класаў удзельнічалі ў раённых спаборніцтвах “Лыжныя гонкі”.